МЗС Румыніі заклікаў беларускага дыпламата да стрыманасці

Малунова выклікалі ў МЗС Румыніі, дзе яму заявілі пра "недапушчальнасць" некарэктных каментароў з нагоды ўдзелу міністра замежных справаў Тэадора Баконскага ў міжнароднай канферэнцыі донараў "Салідарнасць з Беларуссю".

Беларускі дыпламат 3 лютага назваў такі ўдзел "недружалюбным жэстам" у адносінах да Беларусі і даў зразумець, што румынскім уладам варта было б заняцца ўласнымі эканамічнымі праблемамі замест таго, каб падтрымліваць беларускую апазіцыю.

Як адзначае румынскае замежнапалітычнае ведамства, пазіцыя Румыніі адносна падзеяў у Беларусі, што адбыліся пасля прэзідэнцкіх выбараў, знаходзіцца ў поўнай адпаведнасці з пазіцыяй, якую падзяляюць і іншыя краіны ЕС.

"Дзеянні Румыніі заснаваныя на неабходнасці забяспечыць, захаваць і абараніць свабоду мірных сходаў і бесперашкоднага выказвання сваіх перакананняў", — цытуе АФН заяву міністэрства.