На “Басовішчы” адбудзецца прэзентацыя новага дыску “Крамы”

На рок-фэсце “Басовішча”, які распачынаецца сёння ў Польшчы, адбудзецца прэзентацыя новага дыску гурта “Крама”.
Ён мае назву “Усё жыццё — дзіўны сон”. Дыск выйшаў значна пазней, чым планавалася. Яго прэзентацыя мусіла адбыцца ў Беларусі яшчэ вясной, але чыноўнікі не далі дазволу на правядзенне канцэрта. Няўдалося зрабіць канцэрты і ў сталічных клубах.

“Еўрарадыё” пацікавілася ў Ігара Варашкевіча пра тое, ці адбудзецца ўсё ж прэзентацыя ў Беларусі. Вось што ён адказаў:

“Будзе прэзентацыя на “Басовішчы”, а пазней, у канцы жніўня будзе ўжо асноўны рэліз, будзе зроблены тут, у Беларусі. Будзем яшчэ спрабаваць канцэрт зрабіць”.

У дыск “Усё жыццё — дзіўны сон” увайшлі дзесяць новых песень і бонус-трэк песні “Бяжы, бяжы хлопец”, які вельмі добра па-беларуску выканаў маскоўскі спявак Мікалай Аруцюнаў.

Дарэчы, наведвальнікі сайта “Еўрарадыё” ужо мелі магчымасць пазнаёміцца з новымі песнямі гурта “Крама”.