На беларускай мяжы затрымліваюць кантрабандыстаў-"вычварэнцаў"

Уначы 14 верасня на мытным пропуску "Брэст" памежнікі затрымалі грамадзяніна Беларусі, які нелегальна спрабаваў правезці жаночае адзенне.
"Прыцягнуў увагу грамадзянін, які выглядаў дастаткова пухла для сваёй камплекцыі. Калі пачалі разбірацца, то высветлілі, што ён абматаў вакол сябе лішнюю камерцыйную партыю жаночага адзення", - распавёў Еўрарадыё прэс-сакратар Памежнага камітэту Аляксандр Цішчанка.

Як кажа Цішчанка, гісторыя гэта даволі тыповая. Былі выпадкі, калі мужчыны апраналіся ў жаночую бялізну. Неяк памежнікі затрымалі ўкраінца, які апрануў некалькі спартыўных кастюмаў і паўтара дзесятка майткоў. А адна кантрабандыстка нацягнула сабе на ногі тры пары кедаў розных памераў.

Людзі ідуць на розныя хітрыкі, каб пазбегнуць мытных плацяжоў, кажа Цішчанка. Але вельмі часта іх хітрыкі даволі прымітыўныя.