На бой Усцінава ў Мінск могуць прыехаць Шварцэнэгер і Джуліані

Чэмпіён Еўропы ў прафесійным боксе беларус Аляксандр Усцінаў плануе ў сакавіку 2010 года правесці ў Мінску бой за званне чэмпіёна свету. Да асвятлення падзеі будуць прыцягнутыя каля 150 тэлеканалаў з усяго свету.
Сапернік Усцінава яшчэ не вядомы. 28 кастрычніка ў Мінску прайшла прэс-канферэнцыя арганізатараў бою. Яны паабяцалі гледачам запамінальнае відовішча і прыезд на паядынак сусветна вядомых людзей.

Сярод іх — Арнольд Шварцэнэгер, распавёў прэс-аташэ Беларускага грамадскага аб'яднання прафесiйнага боксу Андрэй Мiшчанчук:

“Была такая інфармацыя і мы яе пацвярджаем, што вядзем перамовы і запрашаем шэраг вядомых людзей, у тым ліку і Арнольда Шварцэнэгера. Але зразумейце, што гэта не так проста арганізаваць мерапрыемства такога маштабу. Шварцэнэгер — гэта сусветная велічыня, гэта глыба, якую трэба прыняць і перамовы ўжо распачатыя. Як і чым яны закончацца, мы даведаемся ў сакавіку”.

Кiраўнiк беларуска-расійскага грамадскага аб'яднання "Фонд Единение" Раман Ананьеў адзначыў, што ўжо адбылася размова з былым мэрам Нью-Ёрка Рудольфам Джуліані.

Раман Ананьеў: “Мы спадзяемся на дапамогу амерыканскай амбасады. Ужо адбылася размова аб прыездзе на бой былога мэра Нью-Ёрка Рудольфа Джуліані. Дай бог, каб ён у той перыяд быў здаровы”.

Арганізатары бою не выключаюць, што сапернікам Усцінава можа стаць другі беларускі баксёр Сяргей Ляховіч:

Аляксандр Карасюк, генеральны дырэктар прамоўтэрскай кампанii K2 East Promotions:

“З Сяргеем Ляховічам мы яшчэ не размаўлялі на прадмет арганізацыі бою з Аляксандрам Усцінавым, але не выключаем такой магчымасці”.