На Брэйн-рынгу ў Мінску махалі сцягам ДНР? (фота, відэа)
Тэлеверсію гульні паказалі па АНТ 26 кастрычніка. Над камандай з Кіева нехта разгарнуў сцяг, які нагадвае трыкалор данецкіх сепаратыстаў.
Чорна-сіне-чырвоны сцяг, які нагадвае трыкалор данецкіх сепаратыстаў, з’явіўся ў кадры тэлеканала АНТ падчас інтэлектуальнай гульні Брэйн-рынг, што праходзіць у Мінску. Здымкі праграмы праходзілі ў пачатку верасня, але ў эфір яна выйшла 26 кастрычніка. Цікава, што сцяг з’явіўся над камандай з Кіева. Максім Русаў з украінскія каманды распавёў Еўрарадыё, што падчас здымак яны не заўважалі сімвала сепаратыстаў, але пасля прагляду відэа яны шакаваныя.
Максім Русаў: “Пра тое, што над нашай камандай на здымках нехта махаў сцягам ДНР мы даведаліся толькі сёння ад Еўрарадыё. Цяпер перапісваюся з сукаманднікамі і афігеваю. Спрабаваў узгадаць, хто там мог быць. Вынікае, што не гульцы, а звычайныя гледачы. Адзінае, што магу сказаць — гэта дакладна не мог быць ніхто з нашай каманды. За тое, што гэта быў сцяг ДНР я таксама не ручаюся, усё ж такі пад сафітамі бываюць розныя скажэнні. Але калі гэта быў ён — я ў шоку”.

