На імпарт плодаагароднінных кансерваў могуць увесці мытныя пошліны

Неабходна абмежаваць прыток на ўнутраны рынак Беларусі імпартных плодаагароднінных кансерваў з дапамогай увядзення сезонных мытных пошлін.
Такую думку выказаў першы намеснік старшыні канцэрна "Белдзяржхарчпрам" Анатоль Філонаў учора на пасяджэнні прэзідыума Савета міністраў, на якім абмяркоўвалася выкананне ў першым квартале праграмы развіцця вытворчасці плодаагароднінных кансерваў у Беларусі на 2006-2010 гады.

Паводле слоў Філонава, патрэбы ўнутранага рынку ў плодаагароднінных кансервах складаюць 413 мільёнаў умоўных слоікаў. На 52,2% гэтыя патрэбы задавальняюцца за кошт імпарту.

Разам з тым складскія запасы айчынных вытворцаў складаюць 65 мільёнаў умоўных слоікаў, што раўназначна чатырохмесячнаму аб'ёму вытворчасці.

Сярод асноўных прычын зніжэння вытворчасці плодаагароднінных кансерваў - значныя складскія запасы гатовай прадукцыі, нежаданне гандлёвых арганізацый браць яе на рэалізацыю на ўнутраным рынку краіны, недахоп уласных абаротных сродкаў у прадпрыемстваў для закупкі сыравіны, матэрыялаў, тары.

Філонаў таксама зазначыў, што рэнтабельнасць прадпрыемстваў плодаагародніннай галіны складае толькі прыблізна 3%, прычым 17 арганізацый па выніках працы за першы квартал атрымалі чыстыя страты.


БелаПАН