На Лагойшчыне п'яныя вяскоўцы адрэзалі сабутэльніку палавы орган

Днямі ў раённы шпіталь Лагойска з адной з навакольных вёсак паступіў незвычайны пацярпелы – мужчыну адрэзалі палавы орган. Па звестках Еўрарадыё, так яго пакаралі за тое, што ён нібыта хацеў згвалціць 10-гадовую дзяўчынку. Але як паведаміў намеснік начальніка следчага камітэта Лагойскага РАУС Дзмітры Мілашэўскі, здарэнне кваліфікуецца следчымі не як самасуд, а як нанясенне цяжкіх цялесных пашкоджанняў.
Мілашэўскі: "Дзеянні кваліфікуюцца па артыкуле 147 па частцы 1 – гэта нанясенне цяжкіх цялесных пашкоджанняў. Па прыкмеце небяспекі для жыцця. Катэгорыя артыкула цяжкая і па ёй прадугледжваецца пазбаўленне волі на тэрмін ад 4 да 8 гадоў".

Па яго словах, цяпер з пацярпелым працуюць эксперты, праводзіцца экспертыза нанесеных пашкоджанняў. Па падазрэнні затрыманы і знаходзіцца ў Лагойскім СІЗА адзін чалавек. Але, кажа міліцыянт, магчыма, што будуць яшчэ затрыманні.

Мілашэўскі: "Ёсць і яшчэ асобы, дзеянні якіх устаноўленыя. А вось ужо па ацэнцы іх дзеянняў будзем разбірацца".

Што тычыцца прычын здарэння, то, па словах следчага, вінавата ў гэтым найперш гарэлка. Але чаму гарэлка прывяла да "ампутацыі" менавіта гэтай часткі цела, ён не ўдакладніў. Маўляў, следства толькі пачалося, але перспектыва ў яго "добрая".

Мілашэўскі: "Справа не так даўно распачатая, праводзіцца расследаванне, экспертыза прызначаная, таму казаць пра падрабязнасці рана. Так, судовую перспектыву справа мае, але падрабязнасці я пакуль не магу распавядаць".

Звярнулася Еўрарадыё па каментар і да ўчастковага інспектара Ўладзіміра Сарокі, у чыім "падпарадкаванні" знаходзіцца вёска, дзе адбылося гэта незвычайнае здарэнне. Але той расказваць пра выпадак адмовіўся.