На наваполацкім “Паліміры” звольнілі кіраўніцтва цэха, дзе загінулі людзі

Кіраўніцтва наваполацкага адкрытага акцыянернага таварыства «Палімір» скасавала кантракты са старэйшым майстрам і начальнікам 201-га цэха прадпрыемства.  Пра тое, з чым гэта звязана, распавядае наш карэспандэнт Валеры Зуеў:

“Звальненне стала вынікам расследавання няшчаснага выпадка, які здарыўся на хімічным камбінаце 12 чэрвеня. Нагадаем, што тады ў выніку ўцечкі сінільнай кіслаты загінулі два чалавекі. У людзей, якія загінулі, не было сродкаў індывідуальнай абароны, небяспечныя работы праводзіліся без афармлення допуску”.

Адміністрацыя «Паліміра» звольніла кіраўніцтва цэха, у якім здарылася трагедыя, не чакаючы на заканчэнне следства, што вядзе наваполацкая пракуратура. Родныя загінуўшых работнікаў атрымаюць кампенсацыю ад прадпрыемства — па сто мільёнаў рублёў.