На Новы год чакаецца цёплае надвор’е і мокры снег

А на Каляды — мароз са снегам Паводле словаў начальніка службы метэапрагнозаў Гідраметцэнтра Беларусі Дзмітрыя Рабава, надвор’е ў снежні зменіцца некалькі разоў. Такое хлюпотнае надвор’е, як зараз, працягнецца да дваццатых дзён снежня:

Рабаў: У другой палове месяца да нас пачне залятаць халоднае арктычнае паветра, і тэмпература панізіцца да -5 градусаў і пры праясненнях до -10 (ноччу). А днём – да -4… +1 градуса і ападкі ў выглядзе снега ці мокрага снега.

На каталіцкія Каляды 25 снежня будзе сапраўдная, крыху марозная зіма са снегам.

Рабаў: Чакаецца марознае надвор’е. Будзе ісці снег, на дарогах галалёдзіца. Начная тэмпература будзе ад -2 да -8, дзённая – ад 0 да -6С.

Аднак 27-28 снежня напярэдадні Новага года зноў пацяплее. Да нас зноў вернецца атлантычны цыклон, які прынясе цёплае вільготнае паветра.

Рабаў: Па папярэдніх даных, у навагоднюю ноч будзе ісці мокры снег. Тэмпература будзе 0 градусаў – - 4 градусы.

У першы дзень новага года ў сталіцы тэмпература чакаецца каля нуля. У паўночных абласцях – да -2, а ў паўднёвых – да +3.

Калі на Новы год вам захочацца снегу, маразоў, холаду і іншага традыцыйна зімовага надвор’я, то супрацоўнікі метэаслужбы раяць ехаць ў паўночныя скандынаўскія краіны ці ў Расію за Урал. Там стаіць вельмі моцны антыцыклон, які не пускае халоднае паветра ў бок Беларусі.

Такім чынам, у суседніх краінах і ў Заходняй Еўропе на Новы год надвор’е будзе такое ж адносна цёплае і хлюпотнае. Начальнік службы метэапрагнозаў Гідраметэацэнтра краіныДзмітры Рабаў кажа, што такі снежань не лічыцца анамальным, бо ў асноўным першы месяц зімы бывае цёплым і вільготным, а халадэча і ападкі ўласцівыя студзеню і лютаму.

Якім будзе надвор’е 7 студзеня, калі праваслаўныя вернікі будуць адзначаць Нараджэнне Хрыстова, стане вядома ў сярэдзіне снежня.