На Нясвіжскі замак спатрэбіцца 3,5 млрд рублёў за 3 гады

На музеефікацыю Нясвіжскага замка ў 2009-2011 гадах спатрэбіцца 3,5 млрд рублёў.Такую лічбу назваў дырэктар Нацыянальнага гісторыка-культурнага музея-запаведніка "Нясвіж" Валеры Сталярчук. Стацыянарная экспазіцыя ў адрэстаўраванай частцы замка адкрылася 1 верасня. Неўзабаве экспазіцыю папоўніць габелен "Мікалай Крыштаф Радзівіл Сіротка", які выканаюць беларускія майстры, а таксама будзе створаны інфармацыйны тэрмінал.

Экспазіцыя другога пускавога комплексу замка Радзівілаў будзе размешчаная ў пяці будынках Нясвіжскага палаца. Плануецца музеефікаваць 13 інтэр'ераў замка па дакументальных матэрыялах. У будынку палаца можна будзе аглядаць апартаменты князя, княгіні, Залатую залу, а таксама экспазіцыйныя залы археалогіі, картаграфіі, выстаўныя залы.

У будынку арсенала плануюцца экспазіцыі "Радзівілы ў славе ратнай", "Гісторыя роду Радзівілаў". У будынку камяніцы размесціцца малая сталовая зала, Белая бальная зала, кухня замка, ва ўсходняй галерэі — Паляўнічая зала, залы часовых выстаў.

БЕЛТА