На Рагачоўшчыне стыхія пакінула без электрычнасці 20 паселішчаў

Увечары 26 траўня адбылося аварыйнае адключэнне электраэнергіі ў Рагачоўскім раёне. Як паведаміў Еўрарадыё прэс-сакратар Гомельскага абласнога ўпраўлення МНС Руслан Габрылёў, без святла засталіся 20 населеных пунктаў. Габрылёў: "Парвала адну лінію электраперадач - на 35 кілавольт. Ад яе сілкаваліся некалькі падстанцый. Таму ў 20 населеных пунктах учора было выключаная электрычнасць. Мы іх сілкавалі па рэзервовай сетцы. Сёння зранку энергетыкі зробяць абыход і будуць аднаўляць асноўную сетку".

Па словах Габрылёва, людзі ад адключэння электрычнасці не пацярпелі. Як мяркуюць выратавальнікі, прычынай аварыі стаў моцны вецер. Ён мог альбо сам парваць драты, альбо паваліць на лініі электраперадач дрэвы.

Дарэчы, адзінкавыя выпадкі адключэння электраэнергіі былі зарэгістраваныя таксама ў Жлобінскім і Кармянскім раёнах. Там падача электрычнасці была адноўленая на працягу гадзіны.