На расійскай "Рок-каранацыі" аркестр выканае "Все идет по плану"

На цырымоніі ўручэння прэміі ў галіне рок-н-ролу "Чартавы Тузін. Топ-13", якая адбудзецца 7 сакавіка ў СК "Алімпійскі", аркестр "Маэстра" пад кіраўніцтвам Канстанціна Крымца адыграе песню Ягора Летава "Все идет по плану". Акрамя таго чакаецца, што ў выкананні аркестра можна будзе пачуць і шэраг іншых песень расійскіх рок-музыкаў. Апроч аркестра ў канцэрце прымуць удзел гурты "Машина времени", "Кипелов", "Алиса", "Агата Кристи", "НАИВ", "Brainstorm", "Пилот" і іншыя.

Весці цырымонію будуць Эдгард і Аскольд Запашныя. За перамогу ў кожнай з 13 намінацый будзе ўручацца прыз - кніга са шкла і металічнага сплаву.

Пераможцы прэміі вызначаныя па выніках народнага галасавання, якое праходзіла сёлета з 1 студзеня па 29 лютага.

Нагадаю, Ягор Летаў нечакана сканаў 19 лютага ў сваёй кватэры ў Омску на 44-м годзе жыцця. Паводле папярэдніх звестак, у музыкі спынілася сэрца.