На рэпетытара падалі ў суд за абнародаванне тэстаў для школьнікаў
Рэспубліканскі інстытут кантролю ведаў лічыць, што Аляксей Васілеўскі парушае іх аўтарскія правы.
Рэспубліканскі інстытут кантролю ведаў падаў у суд на былога школьнага настаўніка фізікі Аляксея Васілеўскага. У інстытуце лічаць, што рэпетытар парушыў іх аўтарскія правы, піша "Комсомольская правда". За гэта мінчуку пагражае штраф да 18 мільёнаў рублёў (100 базавых велічыняў).
Васілеўскі на сваім сайце апублікаваў рашэнні тэстаў рэпетыцыйнага тэставання. Рашэнні апублікаваныя бясплатна. Заданні для тэстаў рэпетытар браў у інтэрнэце, куды іх выкладалі школьнікі. Сам Васілеўскі на тэставанне не хадзіў. Парушэння аўтарскіх правоў ён не бачыць, бо рашэнні заданняў належаць яму, а не інстытуту кантролю ведаў.
Васілеўскі перакананы ў слушнасці сваіх дзеянняў. На думку былога настаўніка, вельмі важна пасля рашэння разабраць тэст самастойна або з выкладчыкам. У сваіх рашэннях тэсту ён імкнецца даць усю неабходную тэорыю, паказвае як простыя, так і складаныя метады рашэння, а таксама акцэнтуе ўвагу на тыповых памылках.