На Шаркаўшчыне паставілі помнік яблыку (фота)

Свята “Яблычны Спас” праводзіцца ў Алашках з 1999 года. Сёлета на тэрыторыі музея Івана Сікоры быў адкрыты помнік яблыку. Знакаміты садавод вывеў шмат гатункаў яблыкаў, самы вядомы з іх — “Памяць Сікоры.” Помнік адкрывалі старшыня Шаркаўшчынскага райвыканкама Мікалай Баговіч і дырэктар музея Наталля Перхуровіч.



Падчас імпрэзы вядомая грамадская дзеячка Шаркаўшчыны Ада Райчонак перадала музею рукапісы славутага садавода. Яна іх захоўвала, бо асабіста ведала Івана Сікору. Таксама музею быў перададзены дом Івана Паўлавіча.

Іван Сікора (1885–1966) — селекцыянер-аматар, які вывеў каля 500 гатункаў яблыні, каля 100 — ігрушаў, больш за сто формаў ляшчыны, а таксама гатункі сліваў, бэзу, ружаў і іншыя. Сын Івана Сікоры Віктар (памёр у 2008 годзе) — удзельнік антысавецкага руху ў акупаванай і пасляваеннай Беларусі.