На Смаргоншчыне паставяць помнік грузінскаму палкоўніку

Помнік палкоўніку грэнадзёрскага грузінскага палка Акакію Адмурэзі з'явіцца на Смаргоншчыне. Ён загінуў на беларускай зямлі падчас 1-й сусветнай вайны, калі ваяваў у складзе расійскай арміі супраць Нямеччыны. Месца гібелі палкоўніка Адмурэзі знайшлі некалькі месяцаў таму. Нагадаем, што падчас 1-й сусветнай вайны Смаргонь 810 дзён стрымлівала атакі немецкіх войскаў і менавіта там у 1916-м годзе адбылася першая газавая атака. Падчас яе і загінуў палкоўнік Акакій Адмурэзі.

Вядома, што ён зняў свой супрацьгаз і павёў у атаку жаўнераў. Усе афіцэры загінулі ў тым баі, аднак атака нямецкіх войскаў была адбітая. Дарэчы, менавіта ў гэтым баі быў моцна атручаны расійскі пісьменнік, паручык Міхаіл Зошчанка.

У Смаргонскім гарвыканкаме Еўрарадыё паведамілі, што ўжо гатовы праект помніка і вядуцца падрыхтоўчыя працы. Плануецца, што на яго адкрыццё прыедуць прадстаўнікі Грузіі.

Сяргей Апановіч
, Еўрарадыё, Гродна