На ўдзел у "Брэйн-рынгу" прэтэндуюць 62 каманды з усёй Беларусі

Ажно 62 каманды з усёй Беларусі падалі заяўкі на ўдзел у здымках беларускай тэлепраграмы "Брэйн-рынг". Гэты новы праект кампаніі "ТВ-Игра Бел" стартуе ўвосень 2010 года на тэлеканале АНТ. 26 чэрвеня ў Мінску адбудзецца адбор, па выніках якога плануецца з 62 камандаў пакінуць 20-25. Праўда, у працэсе колькасць камандаў можа быць змененая, распавёў Еўрарадыё рэдактар праграмы Павел Забаўскі:

Забаўскі: "Гледзячы па тым, як праявяць сябе каманды. Можам зменшыць колькасць удзельнікаў першай серыі, можам павялічыць. А колькасць заявак — каля 60 — я прадказаў яшчэ за два дні да заканчэння тэрміну іх прыёму, калі іх было 38".

Падчас адбору будзе дзейнічаць наступны прынцып: не больш за адну камадну з аднаго беларускага горада ці мястэчка. Адзінае выключэнне — дзіцячыя каманды, якія возьмуць удзел у адборы разам з дарослымі.

Забаўскі: "Заявіліся 7 дзіцячых камандаў. Па адной з Гомеля, Віцебска, Мазыра і Ашмянаў. І тры з Мінску, сярод якіх каманда Івана Зайкова, якая сёлета адкрывала гульні ў маскоўскім тэлеклубе "Што? Дзе? Калі?". Калі дзеці будуць добра глядзецца, можам узяць з аднаго горада і дарослую, і дзіцячую каманды".

Больш за ўсё заявак падалі мінскія каманды. Сярод іх і чакаецца найбольшая канкурэнцыя.

Здымкі "Брэйн-рынга" запланаваныя на 4-7 верасня. У першым сезоне праграмы гледачы пабачаць 16 гульняў. Цікава, што пакуль што ў праграмы няма вядучага. Канал АНТ ужо праводзіў кастынг на гэтую ролю, але з кандыдатурай пакуль не вызначыўся.