На Віцебшчыне пяцёра школьнікаў з’елі скрынку вітамінаў

Пяцёра школьнікаў з вёскі Сасноўка Віцебскага раёна трапілі ў абласную лякарню. Адна дзяўчынка і чацвёра хлопчыкаў ва ўзросце ад 7 да 10 гадоў атруціліся… вітамінамі, якія знайшлі ў старым складскім памяшканні ў суседняй вёсцы Гараднянскі Мох.
На шчасце дзяцей, у скрынках былі толькі вітаміны «Рэтынол». Салодкія, як цукеркі, таблеткі, дзеці елі на працягу двух дзён, пакуль не заўважылі бацькі.

Пра тое, што наступствы для дзяцей маглі быць трагічнымі, распавядае нашая карэспандэнтка Ядвіга Сташэўская:

«Галоўны ўрач абласной дзіцячай лякарні Андрэй Захараў лічыць, што бацькі спахапіліся ў час. Каб дзеткі з’елі яшчэ колькі “цукерачак”, наступствы маглі быць сур’ёзнымі. Зараз жыццю школьнікаў нішто не пагражае».

19 чэрвеня ўсе дзеці павінны быць выпісаны з лякарні. Праваахоўныя органы высвятляюць, каму належаць 264 скрынкі з вітамінамі са скончаным тэрмінам ужывання.