На Вялікдзень у Беларусі чакаюцца замаразкі і нават мокры снег

Бліжэйшыя дні Беларусь чакае пахаладанне. У суботу ў асноўным на поўдні краіны дажджы, а ў паўночна-ўсходніх раёнах магчымы мокры снег. Тэмпература паветра на працягу сутак у суботу складзе ад 3 цяпла на поўначы да 15 на поўдні. А вось у нядзелю на Вялікдзень пахаладанне распаўсюдзіцца на ўсю тэрыторыю краіны. Чакаецца малавоблачнае надвор’е і ў асноўным без ападкаў, аднак даволі холадна. У ноч на нядзелю тэмпература складзе 0 – 5 марозу, месцамі да мінус 8-мі. А ў дзённыя гадзіны яна будзе вагацца ад 3 да 9 градусаў цяпла. Толькі ў Брэсцкай вобласці да 11 градусаў цяпла.

Пра гэта Еўрарадыё паведаміла галоўны сіноптык Гідраметэацэнтра Вольга Фядотава. Паводле яе слоў, наступны тыдзень таксама будзе халодным.

Вольга Фядотава: “Пачатак наступнага тыдня таксама будзе характарызавацца халодным надвор’ем. У асноўным без ападкаў, толькі ў асобныя перыяды па паўночным усходзе будзе праходзіць мокры снег і дождж. Тэмпература паветра ў начныя гадзіны істотна не зменіцца, будзе са слабым мінусам, а ў дзённыя будзе хістацца ад 4 да 13 градусаў цяпла, у паўднёва-заходніх раёнах да +15”.