НАК Беларусі аплаціў Дзмітрыю Раку рэабілітацыйны курс у Маскве

Прадстаўніцтва Нацыянальнага алімпійскага камітэта Беларусі ў Мінску аказала матэрыяльную дапамогу фрыстайлісту Дзмітрыю Раку. Цяпер ён праходзіць рэабілітацыйны курс у Маскве. Як паведаміў бацька спартоўца Міхаіл Рак, працягласць курсу — каля месяца.

Нагадаем, што фрыстайліст атрымаў цяжкую траўму ў снежні 2006 года падчас этапу Кубка свету ў Кітаі. Лекары выявілі шырокае кровазліццё ў мозг. Спартовец доўгі час быў у коме, і лекары ацэньвалі яго стан як вельмі цяжкі. Цяпер ён вось ужо трэці год праходзіць комплекс аднаўленча-рэабілітацыйных мерапрыемстваў, у тым ліку і ў Расіі.

Як паведамляе БЕЛТА, мінскае падраздзяленне НАК вылучыла Дзмітрыю Раку для рэабілітацыйнага курсу 25 млн рублёў. Калі выдаткі складуць вялікую суму, то прадстаўніцтва НАК можа дадаць яшчэ да 5 млн рублёў.