Нашы музыкі збяруць грошы для іспанскага гурта, які разбіўся пад Крупкамі

Грамадзяне Іспаніі, якія ўчора патрапілі ў аварыю ў Крупскім раёне, аказаліся музыкантамі панк-гурта Ictus. Нагадаем, адзін з іх знаходзіцца ў цяжкім стане. 31-гадоваму іспанцу давядзецца прабыць у крупскай лякарні не менш за два тыдні.

Яшчэ адзін музыкант атрымаў траўму пазваночніка. У лякарні знаходзіцца і 22-гадовая дзяўчына, якая кіравала аўтамабілем. Сёння гурт павінен быў выступіць у Гродне ў межах акцыі “Музыкі супраць разбурэння Гародні”.

З-за аварыі канцэрт давялося адмяніць. А вось запланаванае на 4 жніўня мерапрыемства ў Баранавічах, дзе таксама мусіў выступіць іспанскі гурт, усё ж адбудзецца. Арганізатары канцэрту вырашылі сабраць грошы на лячэнне іспанцаў.

Кошт квітка 8 тысяч. Удзел у канцэрце возьмуць Багна (Гродна), Адрасант (Мінск) і Нова Проспект (Баранавічы).

Алесь Літоўчык, Еўрарадыё, Баранавічы