Наступны трэнер пасля Хэнлана — гэта…

Фактычна за 100 дзён да зімовай Алімпіяды і за тыдзень да “Кубку Палесся” зборная Беларусі засталася без галоўнага трэнера. Еўрарадыё паспрабавала даведацца, хто будзе кіраваць зборнай краіны па хакеі. Увечары 3 лістапада Глен Хэнлан сустрэўся с журналістамі і афіцыйна пакінуў пасаду галоўнага трэнера зборнай Беларусі. Прычым абгрунтаваў ён гэта сваім “маральна-псіхалагічным станам”. Папрасіў прабачэння ў беларусаў і выказаў падзяку старшыні Федэрацыі хакея Ўладзіміру Навумаву. Прэс-сакратар ФХРБ Аляксандр Ванковіч распавёў Еўрарадыё, што зараз разглядаецца досыць шмат кандыдатур на пасаду галоўнага хакейнага трэнера краіны. А вось спадар Хэнлан наогул не застанецца нават кансультантам нашай зборнай:

Аляксандр Ванковіч: “Наконт кансультанта зборнай… не думаю, бо калі ён сышоў з пасады галоўнага трэнера зборнай, напэўна, папросту не хоча заставацца тут наогул. А кандыдатур насамрэч вельмі шмат. Прычым усе вельмі добрыя і вядомыя спецыялісты”.

На думку Ўладзіміра Беражкова, галоўнага рэдактара газеты “Прэсбол”, Хэнлан фактычна “пракінуў” зборную Беларусі. Прычым галоўнай праблемай тут з’яўляецца не будучая Алімпіяда, а “Кубак Палесся”, што стартуе праз тыдзень:

Беражкоў: “Большай праблемай пасля адстаўкі Хэнлана стала сітуацыя з “Кубкам Палесся”, які стартуе на наступным тыдні. І тое, што спадар Глен зрабіў — прыйшоў напярэдадні Кубка і адмовіўся ад гэтай працы — я гэтага зразумець не магу. Ён жа фактычна пакінуў каманду без трэнера!”

Наш суайчыннік Міхал Захараў, галоўны трэнер мінскага хакейнага клуба “Юнацтва”, а з нядаўняга часу яшчэ і галоўны трэнер зборнай Украіны, падзяліўся з Еўрарадыё сваімі думкамі наконт сітуацыі з беларускай хакейнай зборнай. Паводле яго слоў, спадар Хэнлан сваім учынкам фактычна завёў галоўную каманду краіны ў сапраўднае “піке”:

Захараў: “На маю думку, сітуацыя вельмі сур’ёзная склалася. А пра гэта мне гавораць нашыя хакеісты з НХЛ — яны мне амаль што кожны тыдзень тэлефануюць. Калі зараз Федэрацыя ўсё ж такі здолее знайсці вартага трэнера для зборнай — тады яшчэ ёсць шансы выйсці з піке. А вось калі паставяць “двухдзённага трэнера” на чале каманды — тады гэта вельмі дрэнна адаб’ецца на стане зборнай Беларусі”.

Аднак спадар Беражкоў не згаджаецца з думкамі Міхала Захарава. Галоўны рэдактар “Прэсбола” лічыць, што наконт выступу на Алімпіядзе нашай зборнай хвалявацца няма чаго, бо ўдзельнікі нашай каманды з большага ўсе гуляюць легіянерамі за мяжой Беларусі. А галоўная задача для трэнера на Алімпіядзе — гэта зладзіць нармальную атмасферу ў камандзе ды разбіць хакеістаў на звёны:

Беражкоў: “Я асабіста ведаю настрой шмат каго з гульцоў зборнай: для іх адстаўка Хэнлана не стала нейкай трагедыяй. Нечаканасцю — магчыма. А працаваць на Алімпіядзе вельмі прэстыжна і ганарова. Мне падаецца, што любы трэнер з імем у хакеі, які зараз “вольны”, з задавальненнем згодзіцца на такую прапанову. Быў такі трэнер беларускай зборнай Крыкуноў — гэта калі Беларусь шведаў выйграла на Алімпіядзе. Дык вось ён неяк сказаў, што для Алімпіяды не патрэбны вельмі добры трэнер — патрэбны хвацкі мужык!”

Дарэчы,  Уладзімір Крыкуноў ужо выказаўся наконт таго, што з задавальненнем бы згадзіўся ўзначаліць беларускую зборную напярэдадні Алімпіяды.

Напрыканцы зазначым, што абавязкі галоўнага трэнера зборнай Беларусі па хакеі падчас “Кубка Палесся” часова будзе выконваць Андрэй Гусаў, асістэнт галоўнага трэнера мінскага “Дынама”. А вось хто будзе разбіваць беларускіх хакеістаў на звёны на Алімпіядзе ў канадскім Ванкуверы напачатку наступнага года, дагэтуль невядома.