Наступным сапернікам барысаўскага БАТЭ будзе румынская “Сцяўа”

Барысаўскі БАТЭ выйшаў у трэці раўнд кваліфікацыйнага раўнда Лігі чэмпіёнаў, дзе сустрэнецца з румынскім чэмпіёнам клубам “Сцяўа”. Учора БАТЭ згуляў на сваім полі ўнічыю 1:1 з ісландскім “Хафнарф’ёрдзюрам”. Прычым лік барысаўчане зраўнялі на 93-й даданай хвіліне, вызначыўся Дзмітрый Платонаў, які выйшаў на замену.

У першай гульні ў гасцях БАТЭ атрымаў перамогу з лікам 3:1. “Сцяўа” ўчора выйграла дома ў польскага “Заглембе” з лікам 2:1. Нагадаем, у першай гульні румыны таксама перамаглі - 1:0.

Першы матч БАТЭ згуляе са “Сцяўа” на сваім полі 14 альбо 15 жніўня. Матч у адказ адбудзецца ў Румыніі 28 альбо 29 жніўня.

Варта адзначыць, што ва ўчорашнім матчы быў выдалены адзін з найлепшых нападаючых барысаўчан Віталь Радзівонаў. Ён не зможа прыняць удзел у матчах з румынамі.