Наталля Радзіна мае намер працягнуць дзейнасць на сайце "Хартыя-97"

Пра гэта яна паведаміла ў інтэрв'ю БЕЛАПАН неўзабаве пасля выйсця з ізалятара.


"Я вельмі ўдзячная за салідарнасць кожнаму чалавеку, кожнаму журналісту, кожнаму палітыку. Толькі дзякуючы іх падтрымцы стала магчымым маё выйсце на волю", — сказала Радзіна.

Па словах журналісткі, 30 студзеня ёй неабходна быць ужо ў Кобрыне, паколькі на час следства і суда яна павінна знаходзіцца па месцы рэгістрацыі. Радзіна дала падпіску пра невыдаванне таямніцы следства.

Сам арышт стаў для журналісткі шокам. "Мне было незразумела, на якой падставе, а калі прад'явілі абвінавачванне, шок быў падвойным", — сказала яна.

Радзіна і яшчэ 36 чалавек, уключаючы пецярых кандыдатаў у прэзідэнты на выбарах-2010, вінавацяцца ў арганізацыі і ўдзеле ў масавых беспарадках. Ім пагражае да 15 гадоў пазбаўлення волі.