Навальніца валіла дрэвы ў Мінску і забіла пастуха на Гомельшчыне

Па Беларусі ўвечары 13 ліпеня прайшла навальніца з парывамі шквальнага ветру. Паводле інфармацыі прэс-службы Міністэрства па надзвычайных сітуацыях, пацярпелі 57 населеных пунктаў у 22 раёнах Брэсцкай, Гомельскай, Гродзенскай і Мінскай абласцей, а таксама Мінск.  Навальніца абясточыла 341 населены пункт. Як паведаміў прэс-сакратар МНС Віталь Навіцкі, зранку 14 ліпеня без электрычнасці заставаліся яшчэ 43 населеныя пункты:

Навіцкі: "Энэргетыкі аднаўляюць мужна - ім яшчэ 43 населеныя пункты належыць аднавіць. Зараз на месцах толькі эрэргетыкі працуюь. І на месцах ўласнікі аднаўляюць свае будынкі".

Стыхія пашкодзіла дахі 50 жылых дамоў і 99 сельскагаспадарчых будынкаў.

Каля вёскі Зялёны Сад Гомельскага раёна на пашы ударам маланкі смяротна траўмаваны пастух. Каля вёскі Сялец Лідскага раёна ў лясным масіве верхавіна дрэва звалілася на 8-гадовага хлопчыка, які адпачываў з бацькамі. Хлопчыка шпіталізавалі.

У Мінску таксама ад стыхія валіла дрэвы. Некалькі чалавек атрымалі траўмы і трапілі ў лякарні, таксама дрэвы пашкодзілі 8 легкавых аўтамабіляў. Паваленае дрэва на прасп.газеты "Звязда" заблакавала выезд са станцыі хуткай медыцынскай дапамогі. На вуліцы Кіжаватава будаўнічыя рыштаванні заблакавалі выхад з крамы "Аўтазапчасткі", дзе знаходзіліся 4 чалавекі. У абодвух выпадках выратавальнікі аператыўна дашлі на дапамогу.