Навукоўцы: Глабальнае пацяпленне можа пакінуць Беларусь без бульбы

Павышэнне сярэднегадавой тэмпературы паветра, выкліканае глабальным пацяпленнем, можа прывесці да выраджэння бульбы як культуры на тэрыторыі Беларусі. Такую заяву зрабіў доктар геаграфічных навук Пётр Лапух на пасяджэнні дзейнага семінара пры Парламенцкім сходзе "саюза Беларусі і Расіі".  Паводле слоў Лапуха, ягоныя песімістычныя высновы грунтуюцца на аналізе "аб'ектыўных тэндэнцый, якая адбываюцца ў рэспубліцы пасля 1989 года, калі глабальнае пацяпленне толькі-толькі пачыналася". За 20 гадоў на поўначы нашай краіны моцна зменшылася ўраджайнасць бульбы, а на Гродзеншчыне, якую працэсы глабальнага пацяплення закранулі ў меншай ступені, гэтыя паказчыкі амаль не змяніліся, кажа навуковец.

Як паведамляе сайт agronews.ru, Пётр Лапух адзначыў, што ўжо сёння неабходна распрацоўваць метадычныя рэкамендацыі, як вырошчваць тыя ці іншыя сельскагаспадарчыя культуры ва ўмовах глабальнага пацяплення клімата.