Названыя лепшыя акцёрска-рэжысёрскія дуэты

Наведвальнікі MSNBC Interactive назвалі лепшыя акцёрска-рэжысёрскія дуэты сучаснага кінематографу.  На першым месцы апынуліся рэжысёр Роберт Зэмекіс і акцёр Том Хэнкс. Гледачы высока ацанілі фільм "Форэст Гамп" 1994 года, які цалкам раскрыў патэнцыял творчага тандэму і стаў стартам да ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва. Сярод іх сумесных фільмаў таксама значацца "Байкі са склепу", "Ізгой" і "Палярны экспрэс".

На другім месцы - Цім Бартан і Джоні Дэп, якія стварылі шэсць сумесных фільмаў - "Эдвард-Рукі-Нажніцы", "Эд Вуд", "Сонная лагчына", "Чарлі і шакаладная фабрыка", "Труп нявесты" і "Суінні Тод".

Трэцяе месца дасталася Дэвіду Фінчэру і Брэду Піту, якія разам зрабілі трылер "Сем", "Байцоўскі Клуб" і фільм "Загадкавая справа Бэнджаміна Батана", які павінен выйсці на экраны ў канцы гэтага году.

Марцін Скарсэзэ і Роберт дэ Ніра занялі чацвёртае месца. За 18 гадоў сумеснай працы яны выдалі такія фільмы, як "Злыя вуліцы", "Таксіст", "Нью-Ёрк, Нью-Ёрк", "Шалёны бык", "Кароль камедыі", "Файныя хлопцы", "Мыс страху" і "Казіно".

Замыкае пяцёрку лепшых дуэтаў рэжысёр Пэтра Альмадовар з Пенелопай Круз. На іх рахунку фільмы "Жывое цела", "Усё пра маю маці", "Вяртанне" і "Разарваныя абдымкі".

Фота: www.imdb.com