Некаторыя ВНУ недабралі абітурыентаў на платнае навучанне

У Беларусі завяршылася ўступная кампанія ў ВНУ. Як інфармуе БелаПАН, шэраг універсітэтаў недабраў запланаваную колькасць першакурснікаў.

Так, у Беларускім дзяржаўным універсітэце план прыёму на дзённае платнае навучанне складаў 1846 абітурыентаў. Недабор склаў 56 чалавек.

У Беларускі нацыянальны тэхнічны ўніверсітэт на платнае дзённае аддзяленне паступілі 713 абітурыентаў пры плане 750. У Беларускім дзяржаўным універсітэце інфарматыкі і радыёэлектронікі на дзённае платнае залічылі 719 чалавек, хаця планавалася 860.

Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт недабраў 55 чалавек на платнае, хаця планавалася прыняць толькі 500 абітурыентаў. Дарэчы, сёлета педуніверсітэт і так удвая скараціў план прыёму на платнае ў параўнанні з папярэднім годам.

На дзённае платнае аддзяленне Мінскага дзяржаўнага лінгвістычнага універсітэта паступілі 863 абітурыенты. Недабор — 31.

Найбольшы недабор — у прыватным Інстытуце прадпрымальніцкай дзейнасці. На платнае аддзяленне паступілі толькі 72 чалавекі пры плане ў 300.

Праўда, ёсць і ВНУ, якія перавыканалі план. Так, у Беларускі дзяржаўны медуніверсітэт на платнае навучанне залічаныя 184 чалавекі пры плане 170. У Акадэмію кіравання на дзённае платнае аддзяленне паступілі 93 чалавекі пры плане ў 87.

Фота: bymedia.net