Новы кліп “Ляпісаў” перамог Б’ёрк і Chemical Brothers (відэа)

Аўтар нашумелага кліпа “Ляпісаў” на песню “Капітал” Аляксей Церахаў завяршыў працу над чарговым відэа гурта. Цэлы год спатрэбілася рэжысёру, каб зрабіць анімаваны кліп на песню “Огоньки”.

Прэм'еру кліпа “Ляпісы” прызначылі на 7 лістапада – дзень нараджэння савецкай дзяржавы. Паводле слоў лідэра гурта Сяргея Міхалка, гэта не настальгія па СССР, а проста ўспамін пра дзяцінства.

"Я не настальгую па СССР. Але савецкія сямейныя звычаі, дваровыя гульні, слэнг, мода савецкай эпохі – гэта "олдскул" майго пакалення! А элементы традыцыі (хай нават у рамках постмадэрнізму) – гэта важная частка любога аўтарскага светапогляду… Гойка Міціч, джынсы "Одра", Зіта і Гіта, Харламаў, мапед "Верховина", гітара "Урал" – усё гэта не больш чым сімвалы, але яны вельмі значныя для маіх аднагодкаў".

Яшчэ да прэм'еры гэты кліп быў уключаны ў конкурсную праграму прэстыжнага відэафестывалю ViMus (Партугалія) і ўзяў прыз за лепшую анімацыю – пакінуўшы за бортам такія працы як Salmon Dance (The Chemical Brothers), Independence (Б'ёрк) і іншыя, паведамляе афіцыйны сайт "Ляпісаў".