Новыя МТЗ ламаюцца з-за канструктарскай памылкі

Паводле кампетэнтнага суразмоўцы РэгіёнаўBy, сістэма ахалоджання новага трактара «Беларус-3022ДВ» сканструяваная няправільна, ў выніку ён часта пераграваецца і хутка псуецца.

Распавядае слесар Магілёўскага прадпрыемства па гарантыйным абслугоўванні трактароў МТЗ: - Як ні спрабуюць слесары з механікамі дастукацца да канструктараў, бракаваныя трактары працягваюць штампаваць. Канструктарскае бюро адказвае слесарам: "Ваша справа рамантаваць, а не гаварыць", - і працягваюць гнаць серыю. Хутчэй за ўсё, з-за таго, што душаць зверху: даць максімум!  

Новы трактар Беларус-3022ДВ створаны як аналаг расійскага "Кировца" максімальнай магутнасці. Рухавік у ім амерыканскі - "Detroit". Апошнім часам навінку камплектуюць і нямецкім рухавіком. Аднак з-за няправільна сканструяванай сістэмы ахалоджання трактар доўга не папрацуе.  

На гэтую мадэль вытворца дае двухгадовую гарантыю, на ўсе астатнія - год. Прадпрыемствы па гарантыйным абслугоўванні ёсць у кожным абласным цэнтры і ў асобных раёнах. На Магілёўскім прадпрыемстве працуюць 22 слесары на выездах, і працы ў іх больш чым дастаткова. У дзень яны абслугоўваюць да 6 заявак па гарантыйным рамонце "Беларусаў". А узімку яны рамантуюць новыя трактары са згаданым дэфектам.

Гаворыць слесар Магілёўскага прадпрыемства гарантыйнага абслугоўвання трактароў МТЗ:

- Нам прывезлі больш за 20 такіх машын, Прыбіраем цяпер наступствы няправільнага тэмпературнага рэжыму. Замяняем шмат дэталяў на новыя. На вясну і восень іх забяруць, а на зіму ізноў прыгоняць да нас. Кошты на дэталі вельмі высокія, шмат якія гаспадаркі не пацягнуць такі рамонт, і як яны будуць выкручвацца - я не ведаю. Напрыклад, пласцінка для замеру ўзроўню алею каштуе каля 70 тыс. рублёў

Да таго ж такі рэмонт – складаны і забірае шмат часу. Жартам слесары прыдумалі свае расшыфроўкі абрэвіятур. МТЗ - "Мы тут здохнем", а мадэль трактара ДВ - "Достал всех".

РэгіёныBY

На здымку: Беларус-3022ДВ