Новыя прызначэнні Прэзідэнта: кантроль — новы прыярытэт

Сёння Аляксандр Лукашэнка зрабіў шэраг важных кадравых прызначэнняў. Сур'ёзнае абнаўленне закранула не толькі кабінет міністраў, новым кіраўніком якога стаў Міхаіл Мясніковіч, але і Адміністрацыю прэзідэнта.

Першым намеснікам кіраўніка Адміністрацыі замест Наталлі Пяткевіч прызначаны былы міністр адукацыі Аляксандр Радзькоў. Намеснікам кіраўніка Адміністрацыі — былы віцэ-прэм'ер Андрэй Кабякоў.

Новай важнай асобай ва ўрадзе стаў былы амбасадар у Кітаі Анатоль Тозік, прызначаны віцэ-прэм'ерам.

Яшчэ два новых віцэ-прэм'ера — Валеры Іваноў і Анатоль Калінін — прыйшлі ва ўрад адпаведна з пасадаў першага намесніка старшыні Мінскага аблвыканкама і памочніка Прэзідэнта, галоўнага інспектара па гораду Мінску.

Першае ўражанне ад гэтых прызначэнняў: новым прыярытэтам становіцца ўзмацненне кантролю — Кабякоў і Тозік раней узначальвалі Камітэт дзяржкантролю.

Змяніў прэзідэнт кіраўніцтва і гэтага ведамства. Замест Зянона Ломаця старшынём Камітэта дзяржаўнага кантролю Беларусі прызначаны Аляксандр Якабсон — цяпер ужо былы старшыня Гомельскага аблвыканкама. Яго намеснікам ў КДК стаў Леанід Анфімаў, перамешчаны з пасады намесніка кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта.