Някляеў збіраецца на Ўсебеларускі сход без навыкаў марпеха

Пра свой намер Уладзімір Някляеў заявіў 19 ліпеня падчас канферэнцыі "Прадпрымальнік і дзяржава. Рэаліі і перспектывы" ў Мінску.  Па словах лідэра кампаніі "Гавары праўду!", выявілася, што грамадства не прымае ўдзелу ў прыняцці важных дзяржаўных рашэнняў, ад які залежыць жыццё кожнага з нас у Беларусі.

Някляеў: "І тады спантанна ўзнікла ідэя на гэты Ўсебеларускі народны сход, які рыхтуецца (якіх ужо было, калі мне ня здраджвае памяць, тры), каб там былі не проста ўсе прызначаныя, а абраць народнага дэлегата. І ўсе згадзіліся з гэтым і вырашылі паспрабаваць".

Нагадаем, што на Ўсебеларускі сход у сакавіку 2006 года спрабаваў трапіць тагачасны кандыдат у прэзідэнты Аляксандр Казулін. Спроба была няўдалай, палітыка збілі супрацоўнікі спецслужбаў.

Някляеў кажа, што на "навыкі марпеха", як у Казуліна, ён не спадзяецца. Замест таго кампанія ""Гавары праўду!" збярэ подпісы грамадзян за вылучэнне свайго дэлегата.

Някляеў: "Там выходзіць адзін дэлегат ад дзвюх тысяч беларусаў на гэтым сходзе, бо іх там пяць тысяч. Мы збярэм, скажам, 20 тысяч подпісаў - і выйдзе, што мы маем права дэлегаваць дзесяць чалавек. Ну, а калі прыйдзе адзін з галасамі дзесяці чалавек і яго павернуць, тады мы зададзімся пытаннем: а хто ж на тым сходзе сядзіць і што ён там робіць?"