Нямецкіх валанцёрак вінавацяць у незаконных сустрэчах са студэнтамі?

Нямецкіх валанцёрак Зольвай Шорыс і Сюзану Паўль выклікалі ў Ленінскі РАУС Магілёва і трымаюць ужо некалькі гадзінаў. Іх абвінавачваюць у парушэнні рэгістрацыі. Пра гэта Еўрарадыё распавёў журналіст Алесь Буракоў, які знаходзіцца ў пастарунку.

Буракоў: "Учора ўвечары два супрацоўнікі спецслужбаў, якія не прадставіліся, прыйшлі ў фонд і запатрабавалі, каб валанцёркі з'явіліся ў ленінскім РАУС у 8.30 раніцы. Пры гэтым вяліся відэаздымкі. Яны тут ужо знаходзяцца больш за 3 гадзіны. Спачатку іх абвінавачвалі ў тым, што яны не толькі працавалі з дзецьмі-інвалідамі, а займаліся іншымі справамі - праводзілі сустрэчы ў школах і магілёўскім універсітэце".

Але пасля таго, як пра сітуацыю паведамілі СМІ, дзяўчатам прыгразілі дэпартацыяй, а міліцыя змяніла свае прэтэнзіі. Цяпер валанцёрак абвінавачваюць у парушэнні правілаў рэгістрацыі. Дзяўчаты адмовіліся падпісваць пратакол. Капітан Ірына Лізгунова сказала, што іх адпусцяць праз пэўны час, а пратаколы падпішуць з панятымі.

Нямецкая амбасада ўжо ведае пра сітуацыю. Дзяўчаты прыехалі ў Беларусь каля 5 месяцаў таму на запрашэнне фонду "Блакітныя берагі". Немкі займаліся працай з дзецьмі-інвалідамі з мастацкімі здольнасцямі. Дзяўчаты прыехалі сюды ад грамадскага аб'яднання з Берліну, якое накіроўвае валантораў у розныя краіны.