Пачалася падрыхтоўка да юбілею Слуцкага збройнага чыну

Пра гэта Еўрарадыё паведаміў кіраўнік секцыі "Мемарыял" Беларускага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры Вячаслаў Сіўчык. Актывіст нагадаў, што сёлетні год для Беларусі мае мноства юбілеяў. Акрамя нядаўняга 600-годдзя Грунвальда, сёлета адзначаюцца круглая дата паўстання 1830 году і 90-годдзе Слуцкага збройнага чыну. Як святкаваць юбілей Слуцкага паўстання - абмяркоўвалі на адмысловым круглым стале, кажа, сп.Сіўчык:

Сіўчык: "Размова ішла як аб годным святкаванні сёлета гадавіны Слуцкага збройнага чыну (а я нагадаю, што з пачатку 90-х гадоў беларуская грамадскасць праводзіць такое ўшанаванне ў бліжэйшыя выходныя да Дня герояў - 27 лістапада), так і аб тых кроках, якія магчыма зрабіць у будучым дзеля мемарыялізацыі ўсіх мясцінаў, звязаных са Слуцкім збройным чынам".

На думку Сіўчыка, абавязкова мусіць з'явіцца музей, прысвечаны Слуцкаму паўстанню 1920 года. Але ў бліжэйшыя гады ён такой перспектывы не прадбачыць. Таму сёлета, па словах актывіста, ушанаванне адбудзецца ў традыцыйнай форме - экскурсійны выезд з Мінску па мясцінах баявой славы случчакоў.