Пачатак продажу білетаў на БАТЭ-“Зеніт” перанеслі на 15.00

З 5 гадзінаў раніцы каля кас сталічнага стадыёна “Дынама” пачалі збірацца жадаючыя набыць білеты на матч Лігі чэмпіёнаў БАТЭ-“Зеніт”. Да 11-й гадзіны, калі павінен быў пачацца продаж, сабралася ўжо каля паўтысячы заўзятараў. Аднак продаж перанеслі на 15.00. Як даведалася Еўрарадыё, білеты проста не прывезлі ў касы. Пра гэта паведамілі ў прыёмнай дырэктара “Дынама”: “Не, ніякіх квіткоў, нічога ў нас няма. У нас зараз раз'юшаны натоўп, які вінаваціць ва ўсім "Дынама" — і больш нікога! Яны стаяць тут горш, чым “Няміга”. Таму сказаць вам нічога не можам. Квіткоў у нас няма! Нам нічога не прывозілі”.

Як перадае карэспандэнт Еўрарадыё, ніхто не разыходзіцца, усе збіраюцца чакаць да 15.00. У натоўпе чуюцца крыкі “Ганьба”. Былі таксама спробы разбіць касу. Каля заўзятараў дзяжурыць аўтамабіль спецназу.


Фота Ксеніі Авімавай