Пад Ашмянамі згарэў цялятнік (фота)

Моцны пажар здарыўся ў нядзелю раніцай у малочна-таварным комплексе аграгарадка Навасёлкі ў Ашмянскім раёне. Узгаранне цялятнік заўважылі самі работнікі комплекса, калі пачулі трэск шыферу на даху. Пажар разгараўся вельмі хутка, бо якраз узняўся моцны вецер — за некалькі хвілін ён ахапіў увесь дах цялятніка, разлічанага на ўтрыманне 100 галоў.

Супрацоўнікі паспелі эвакуяваць з будынка 87 цялятаў ва ўзросце 4 месяцаў. Пацярпелых сярод людзей і жывёл няма.

Пажарныя змагаліся з агнём каля гадзіны. Была небяспека яго перакідвання на сіласныя ямы, дзе знаходзілася болей за 1000 тон кармоў, але выратавальнікі змаглі абараніць іх ад пажару.

Прычынай узгарання магло стаць праблемнае абсталяванне ў будынку для падагрэву вады і развядзення сухога малака. Тут выкарыстоўвалі кацёл, не абсталяваны іскрагасіцелем: мяркуецца, што іскры з коміна кормазапарніка і сталі прычынай пажару, паведамляе прэс-служба МНС.