Пад беларускім прэсам #3: журналісцкія “базары” пра “Славянскі базар”

“Славянскі базар”, што акуратна ўпісваецца ў кароткі перапынак паміж пасяўной і ўборачнай кампаніямі, кожны год адбіваецца ў беларускай прэсе шалёным ўраджаем публікацый. Сярод 4,5 тысяч акрэдытаваных гасцей і ўдзельнікаў фэсту каля 10 адсоткаў прадстаўлялі тыя ці іншыя медыі, а значыць – пісалі, фатаграфавалі, друкавалі і вяшчалі на некалькі дзесяткаў краінаў свету. З беларускіх СМІ фэст славянскіх культур праігнаравалі хіба што выданні, якія спецыялізуюцца на рыбалцы і будаўнічых матэрыялах. Дзіўна, але ніводнай публікацыі не прысвяціў фестывалю “слушны музычны партал” “Тузін Гітоў”. Пазіцыю рэсурса тлумачыць рэдактар Сяргей Будкін:

Сяргей Будкін: “Мы лічым “Славянскі базар” сумным відовішчам, якое праходзіць у нейкіх заімшэлых традыцыях эстрадных смотраў-конкурсаў. Ніякага дачынення да сучаснай беларускай музыкі ён не мае: гэта выяўляецца як у падборы ўдзельнікаў, так і ў пастаноўцы шоў, калі гэта можна назваць шоў, і ў агульнай атмасферы”.

Мяркую, што прыкладна з гэтых жа прычынаў “Советская Белоруссия” не будзе асвятляць “Басовішча”.

У неабходнасці паведамляць пра тое, што адбывалася апошнімі днямі ў горадзе на Дзвіне, а таксама аналізаваць падзеі “Славянскага базара”, сышліся залежныя і незалежныя медыі. Прычым, калі ў першых выбару, па сутнасці, не было: на асвятленне фэсту існавала нешта накшталт заказу з боку дзяржавы – дык другія рапартавалі з фестывальнага Віцебску добраахвотна.

Прычына канфармізму відавочная: “Славянскі базар” – беспрэцэдэнтная крыніцы “жаўцізны”, прывабнай для чытачоў. Іншай такой ні на гэтым тыдні не было, і на наступным не прадбачыцца.

Каментуе Аляксандр Старыкевіч, рэдактар газеты “Салідарнасць”:

Аляксандр Старыкевіч: “Базар”, фактычна быў адной з галоўных тэмаў, якія мы асвятлялі на гэтым тыдні, хаця, па сутнасці, падзея наўрад ці можа лічыцца істотнай, бо год ад году “Славянскі барар” ідзе на скон.

Людзі, якія якраз рыхтавалі для нас матэрыялы на замову, дзяліліся такімі ўражаннямі, што ўсё гэта прымітывізуецца, не на развіццё ідзе, а наадварот. Што тычыцца ўзроўню культурнай падзеі, для мяне “Басовішча” больш важкае, чым “Славянскі базар”, хаця гэта маё суб’ектыўнае меркаванне”.


Піпл, як вядома, хавае не толькі хлеб, але і відовішча. Пераацаніць значэнне “Славянскага базара” ў справе задавальнення народнага голаду па прыгожым жыцці складана. Віцябляне цэлы год – ад “славянкі” да “славянкі” – адкладаюць грошы, каб толькі цягам фестывальнага тыдня “людзьмі звацца”.

6 ліпеня, у дзень адкрыцця “Славянскага базара”, “Рэспубліка” і “Советская Белоруссия” надрукавалі аднолькавае інтэрв’ю з Анатолем Касінцом, які ўзначальвае аргкамітэт фестывалю. Зрабіць гэты адказны матэрыял было даверана Людміле Крушынскай, дырэктарцы холдынгу “Культура і Мастацтва” і, па сумяшчальніцтве, галоўнай рэдактарцы газеты “Культура”.

У загаловак абедзве газеты вынеслі адны і тыя ж праграмныя словы віцэ-прэм’ера: “Віцебскі менталітэт – бескарыслівы і добразычлівы”. Артыкул, што даволі кандова даводзіў да масавага чытача “найбольш важныя акцэнты адносна сучаснасці і будучыні форуму, яго месца ў міжнароднай культурнай прасторы”, быў напісаны ў поўнай адпаведнасці з Дырэктывай № 3:

“...Прыйоў час падумаць і пра бізнэс-план, які дазволіў бы эфектыўна эксплуатаваць дарагую канцэртную пляцоўку. Неабходна ў вельмі кароткі тэрмін забяспечыць акупляльнасць аб'екта.

Ужо даручана і Міністэрству культуры, і Віцебскім абласному і гарадскому выканаўчым камітэтам, гарадскому цэнтру культуры Віцебску распрацаваць рэальны перспектыўны бізнэс-план, каб адразу ж пасля "Славянскага базара" тут праводзіліся сольныя канцэрты, а таксама іншыя камерцыйныя фэсты. Назваць іх можна як заўгодна: і "Віцебскі зоркапад", і "Музычная Дзвіна", і гэтак далей”.


Усе без выключэння карэспандэнты, акрэдытаваныя пры фестывалі, спрабавалі пісаць пра тое, што ніхто да іх не бачыў, і рабіць інтэрв’ю з тымі, з кім ніхто дагэтуль не пагутарыў. Пры такой канцэнтрацыі куміраў, якая назіралася ў Віцебску, гэтая задача была цалкам вырашальнай. Але гэтая ж самая канцэнтрацыя ўчыніла з журналістамі злы жарт.

Складана ўявіць сабе больш аднастайны эксклюзіў, чым той, што паступаў на старонкі беларускіх газет са “славянкі”. Хіба што персоны, якім журналісты задавалі амаль аднолькавыя пытанні і ад якіх атрымлівалі амаль аднолькавыя адказы, ад выдання да выдання змяняліся.

Апошні “харавы” артыкул засведчыў, што гран-пры дзіцячага музычнага конкурсу атрымаў Андрэй Кунец. Што ж, будзем спадзявацца, што сярэднестатыстычныя беларусы не маюць звычкі чытаць больш за адну газету.

З агульнай плыні прынцыповай пазіцыяй вылучалася хіба што “Наша Ніва”, якая для сваёй стужкі навінаў упарта шукала ў славянскім беларускае. Газета парадавала тым, што “расеец” Радзівон Роўс “заспявае песню па-беларуску”, і нават у перамозе маладога Кунца паставіла акцэнт на тым, што ён беларус.