Пад Віцебскам вёска больш за месяц жыве без вады (відэа)

Жыхары вёскі Шылкі за 25 км ад Віцебска з пачатку снежня жывуць без вады. Як пішуць "Народныя навіны Віцебска", не лічачы дачнікаў, у вёсцы дзевяць жылых дамоў, у пераважнай большасці якіх жывуць пенсіянеры.

Раней у вёсцы была помпавая станцыя з воданапорнай вежай. Яна мела тры вясковыя калонкі. Але падчас моцнай буры на пачатку снежня станцыя перастала працаваць. Вяскоўцы звярталіся да кіраўніцтва сельсавета і мясцовага саўгаса з просьбай адрамантаваць помпу. Але атрымалі адказы, што няма ні тэхнічных, ні фінансавых сродкаў для рамонту. Нават цэнтралізаванага падвозу вады для жыхароў вёскі за месяц арганізаваць ніхто не парупіўся.

Бліжэйшая крыніца вады знаходзіцца ў суседняй вёсцы Скрыдлёва прыкладна паўтара кіламетра ад Шылак. У аднаго з жыхароў Шылак ёсць калодзеж, але піць ваду з яго забараніла санстанцыя — вакол балота, і вада небяспечная для здароўя.

Фота — news.vitebsk.cc