Падазраваны ў спробе дзяржперавароту ў Грузіі хаваецца ў Мінску

Грузінскія СМІ паведамілі, што дэпутат грузінскага парламента Валерый Гелбахіяні можа хавацца ў Мінску, дзе яго нядаўна бачылі.

Па звестках грузінскіх СМІ, Валерый Гелбахіяні знік з Тбілісі адразу пасля таго, як яго разам з Бадры Патаркацышвілі абвінавацілі ў падрыхтоўцы дзяржаўнага перавароту, інфармуе “Беларускі партызан”.

Грузінская газета "Алія" спасылаецца на крыніцу ў беларускім Міністэрстве ўнутраных спраў, якая паведаміла, што Валер Гелбахіяні валодае ў Мінску кватэрай, якую нядаўна абакралі. Нядаўна нібыта самога грузінскага палітыка бачылі ў Мінску, перадае беларуская служба Радыё "Свабода".

Па звестках крыніц грузінскіх СМІ, у Беларусь экс-кіраўнік перадвыбарчага штаба Патаркацышвілі патрапіў з Лондана, куды збег з Тбілісі. Паведамляецца, што палітык плануе затым пераехаць у Маскву.