Падтрымаць алімпійцаў у Ванкувер прыляцеў беларус з Нарвегіі

За беларускіх спартоўцаў на Алімпіядзе ў Ванкуверы балеюць не толькі чальцы дэлегацыі, але і канадскія беларусы. Як паведаміў БелаПАН прэс-аташэ Нацыянальнага алімпійскага камітэта Пётр Рабухін, на сувязь з ім выйшлі мясцовыя беларусы, папрасілі сцягі, каб балець за нашу каманду на хакеі. Па ягоных словах, падчас жаночага спрынту ў Уістлеры падышоў беларус, які прыехаў з Нарвегіі. Ён першы раз у Ванкуверы і здолеў самастойна дабрацца да Уістлера, хоць дарога ў абодва бакі займае шэсць-сем гадзін, адзначыў Рабухін.

Беларускай дэлегацыі дапамагаюць 14 валанцёраў, з іх восем рускамоўных (адзін з Мінску).

Што датычыць допінг-проб, то, па словах Рабухіна, пасля пачатку Алімпіяды іх у беларускіх спартоўцаў пакуль не бралі. Раней алімпійцы здалі 12 аналізаў на допінг. Працэдуру допінг-кантролю прайшлі шэсць біятланістаў (мужчына і пяць жанчын) і тры лыжнікі (мужчына і дзве жанчыны). Тры біятланісткі здалі аналіз два разы.