Палякі галасавалі за Пэрыс Хілтан і Лукаша Падольскага(фота)

На прэзідэнцкіх выбарах у Польшчы перамог Браніслаў Камароўскі, але сярод адданых галасоў амаль кожны соты быў несапраўдны. Здараліся выпадкі, калі замест двух кандыдатаў палякі дапісвалі ўласных.
Добрым настроем і ўсмешкамі скончыўся выбарчы вечар у штабе Яраслава Качыньскага. Нягледзячы на тое, што кандыдат прайграў прэзідэнцкія выбары з вынікам у 47% галасоў, ён лічыць, што галоўная схватка яшчэ наперадзе. Сёлета палякаў чакаюць выбары ў мясцовыя саветы,а ў наступным годзе ― парламенцкія. І Яраслаў Качыньскі разлічвае на перамогу сваёй партыі “Права і справядлівасць”. 

Яраслаў Качыньскі: “Каб перамагчы, трэба памятаць выказванне Юзэфа Пілсудскага. Перамагчы і спачыць на лаўрах гэта пройгрыш, а быць пераможаным і не паддацца, вось гэта сапраўдная перамога”.

Яраслаў Качыньскі ўвечары 4 ліпеня пасля абвяшчэння вынікаў exit-polls

А вось маршал сейма і будучы прэзідэнт Браніслаў Камароўскі, якога падтрымала больш за 52% выбарцаў, яшчэ ў дзень галасавання пачаў адзначаць сваю перамогу. Аднак насамрэч, выбары выйгралі адразу 3 асобы, лічыць былы прэзідэнт Польшчы Аляксандр Кваснеўскі. 

Аляксандр Кваснеўскі: “Гэтыя выбары адрозніваюцца ад усіх папярэдніх, што у іх адразу 3 пераможцы. Першы – гэта Браніслаў Камароўскі, бо ён будзе прэзідэнтам. Яраслаў Качыньскі, бо ў яго партыі ніхто не спадзяваўся, што гэтыя выбары могуць скончыцца такім добрым вынікам. Ну і вядома Гжэгаж Наперальскі, то бок лявіца ў Польшчы зноў вяртаецца на сцэну. І гэта трэці цікавы элемент выбараў”. 

Браніслаў Камароўскі перамог толькі дзякуючы прыхільнікам лявіцы, паведаміў у эфіры польскага тэлебачанні TVN дэпутат ад партыі “Саюз дэмакратычнай лявіцы” Рышард Каліш. 

Рышард Каліш: “Ад 70 да 80% выбарцаў Гжэгажа Наперальскага падтрымала Браніслава Камароўскага. Гэта амаль 1 мільён 800 тысяч чалавек. Выразна бачна, што без гэтых галасоў Камароўскі б не выйграў”. 

Браніслаў Камароўскі пасля абвяшчэння вынікаў сацыялагічных апытанняў

А вось Яраслаў Качыньскі прайграў з-за таго, што катастрофа пад Смаленскам была тэмай-табу ў перадвыбарчай кампаніі, упэўнены дэпутат ад партыі “Права і справядлівасць” Яцэк Курскі.

Яцэк Курскі: “Мы не маглі нармальна выкарыстоўваць некаторыя абшары палемікі і сутычак. Калі б прэзідэнт ЗША разбіўся з сотняй найважнейшых асобаў у дзяржаве, або прэзідэнт Францыі, то гэта безумоўна было б адной з тэмаў кампаніі. А ў нас быў нейкі паўзмрок недагаворванняў і таямнічасці, каб, крый Божа, гэтага не чапаць”.

Яраслаў Качыньскі ў знак падзякі цалуе руку кіраўнічкі свайго выбарчага штабу

За Браніслава Камароўскага галасавалі ў асноўным жыхары вялікіх гарадоў, а за Яраслава Качыньскага – выхадцы з малых мясцовасцяў. Чым большы быў горад, тым большай была перавага маршала сейма. 

Сярод адданых галасоў амаль кожны соты быў несапраўдны. Здараліся выпадкі, калі замест двух кандыдатаў палякі дапісвалі ўласных. Трапляліся галасы за Пэрыс Хілтан, вядомага польскага скакуна Адама Малыша, а таксама польскага футбаліста, які грае за зборную Германіі Лукаша Падольскага, перадаюць польскія СМІ.




Што ж тычыцца перадвыбарчай кампаніі, то эксперты ўжо называюць яе самай сціплай у гісторыі Польшчы, перадае штодзённік “Puls Biznesu”. У параўнанні з папярэднімі выбарамі штабы зэканомілі прыкладна ад 1 да 3 мільёнаў долараў.

Фота: gazeta.pl, tvn24.pl