Памёр былы кіраўнік расійскага ўраду Віктар Чарнамырдзін

Спецыяльны прадстаўнік прэзідэнта Расіі па пытаннях эканамічнага супрацоўніцтва з дзяржавамі - ўдзельнікамі СНД Віктар Чарнамырдзін сканаў на 73 годзе жыцця.

Чарнамырдзін сканаў сёння ў 4 раніцы ў Маскве. У апошні час Віктар Сцяпанавіч вельмі моцна хварэў, паведамілі ў асяроддзі палітыка.

Чарнамырдзін са снежня 1992 па сакавік 1998 года ўзначальваў урад Расіі, з 2001 па 2009 год быў амбасадарам Расіі ва Украіне. У апошні час Чарнамырдзін - спецыяльны прадстаўнік прэзідэнта Расіі па пытаннях эканамічнага супрацоўніцтва з дзяржавамі - ўдзельнікамі СНД.

Чарнамырдзін вельмі перажываў смерць жонкі, якая сканала ў сакавіку гэтага года пасля працяглай хваробы. Муж і жонка пражылі амаль паўстагоддзя, выхавалі дваіх сыноў, якія падарылі ім чацвярых унукаў, паведамяе РІА Новости.

У Беларусі Чарнамырдзін асабліва адзначыўся ў лістападзе 1996 года, калі ўгаварыў тагачаснага спікера Вярхоўнага Савета Сямёна Шарэцкага не даводзіць да канца імпічмент прэзідэнту.