Папа Рымскі блаславіў кароны для абраза Маці Божай Браслаўскай

Папа Рымскі Бенедыкт XVI блаславіў кароны для абраза Маці Божай Браслаўскай “Валадарка азёраў”. Пра гэта паведаміў біскуп Віцебскі Уладзіслаў Блін. Урачыстасці з нагоды каранацыі гэтага цудадзейнага абраза Папскімі каронамі адбудуцца 22 жніўня ў Браславе. Галоўным цэлебрантам выступіць біскуп Кёльнскі кардынал Іаахім Мейснер. Дарэчы, у гэтыя ж жнівеньскія дні Віцебская дыяцэзія адначыць 10-годдзе свайго стварэння.

Як адзначае сайт "Народныя навіны Віцебска", каранацыя “Валадаркі азёраў” стане сёмым выпадкам ускладання Папскіх карон на цудатворныя абразы ў рыма-каталіцкіх храмах Беларусі. На Віцебшчыне ж гэта будзе першы выпадак каранацыі абраза.

Раней такім самым чынам былі ўшанаваныя абразы Маці Божай Будслаўскай (у вёсцы Будслаў Мядзельскага раёна Міншчыны), Брэсцкай, Лагішынскай (у пасёлку Лагішын Пінскага раёна Брэстчыны), Тракельскай (у вёсцы Тракелі Воранаўскага раёна Гродзеншчыны), Гудагайскай (у вёсцы Гудагай Астравецкага раёна Гродзеншчыны), і Кангрэгацкай (Студэнцкай) у Гродзенскім Фарным касцёле.