Партыя БНФ ідзе на мясцовыя выбары са 115 кандыдатамі

Характар удзелу Партыі БНФ у мясцовых выбарах 2010 года залежыць ад практыкі фарміравання ўчастковых выбарчых камісій. Калі прадстаўнікі Патрыі не будуць уключаныя ў склад выбарчых камісій, БНФ пакідае за сабой права здымаць сваіх кандыдатаў. 19 снежня на паседжанні сойма лідэр Партыі БНФ Аляксей Янукевіч назваў мясцовыя выбары вельмі важнай для партыі падзеяй. Па яго словах, Партыя БНФ мае намер выставіць, як мага больш “сур'ёзных кандыдатаў”. Гэта “павінна падвысіць узровень падтрымкі” Партыі БНФ. “Ёсць шанец, што ў некаторых акругах гэта выльецца ў перамогу нашых кандыдатаў», — цытуе сп. Янукевіча агенцтва “БелаПАН”.

На сойме быў разгледжаны папярэдні спіс кандыдатаў для ўдзелу ў мясцовых выбарах. У яго ўключана 115 чалавек.

Сойм рашыў працягнуць падрыхтоўку да ўдзелу ў мясцовых выбарах і пачаць падрыхтоўку да вылучэння прадстаўнікоў партыі ў тэрытарыяльныя і ўчастковыя камісіі. Таксама партыя заклікала беларускі ўрад запрасіць для назірання за ходам мясцовых выбараў міжнародную місію БДІПЧ АБСЕ.