Паседжанне Савета кіраўнікоў урадаў СНД у Мінску пачнецца апоўдні
Некаторыя ўдзельнікі сённяшняй сустрэчы прыбылі ў Мінск напярэдадні.
Гэта дэлегацыі Узбекістана, Малдовы, Кыргызстана, Азербайджана, Арменіі і Таджыкістана. Сёння ў Мінск прыбудуць дэлегацыі Туркменістана, Украіны, Казахстана і Расіі. Як адзначае БелаПАН, расійская дэлегацыя прыбудзе пазней за ўсіх — а 10-й.
Паседжанне Савета пройдзе ў "Прэзідэнт-гатэлі" побач з Адміністрацыяй прэзідэнта. У парадку дня сустрэчы — каля 30 дакументаў. У эканамічным блоку запланавана абмеркаваць пратакол пра ўжыванне дамовы пра зону свабоднага гандлю СНД ад 18 кастрычніка 2011 года. У прыватнасці, да дамовы выказаў жаданне далучыцца Узбекістан.
У сферы бяспекі плануецца прыняць рашэнне пра фінансаванне работ па стварэнні адзінай сістэмы ўліку грамадзян трэціх дзяржаў і асобаў без грамадзянства, якія заязджаюць на тэрыторыі краін Садружнасці.
Кіраўнікоў дэлегацый плануе прыняць Аляксандр Лукашэнка.
Фота — cis.minsk.by