Пасля сустрэчы Тарчызiё Бэртонэ з Лукашэнкам у Беларусі паменела каталікоў

Да сустрэчы “намесніка Папы Рымскага” з Аляксандрам Лукашэнкам, дзяржаўная прэса, спасылаючыся на звесткі апошняга перапісу насельніцтва сцвярджала, што ў Беларусі 14% каталікоў. У суботу газеты спаслаліся на новае сацыялагічнае апытанне, згодна з якім каталікоў у Беларусі стала толькі 10%. На гэтым тыдні Беларусь наведаў Дзяржаўны сакратар Папы Рымскага, Кардынал Тарчызiё Бэртонэ. Візіт мае важнае значэнне не толькі для хрысціян, але і для ўсіх жыхароў нашай краіны. Як прыезд “намесніка Папы” падавалі СМІ? Пра гэта пойдзе гаворка ў праграме “Пад беларускім прэсам”.

Большасць беларускіх СМІ, нягледзячы на значнасць падзеі, пакінулі візіт Кардынала амаль без увагі, абмежаваўшыся перадрукам з інфармацыйных агенцтваў БЕЛТА і “Інтэрфакс”. На першых палосах дзяржаўнай і недзяржаўнай прэсы візіт Тарчызiё Бэртонэ з’явіўся пасля яго сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнкам. Кіраўнік дзяржавы прапанаваў Ватыкану цеснае супрацоўніцтва, запрасіў у Беларусь Папу Рымскага і назваў архіепіскапа Тадэвуша Кандрусевіча “блудным сынам”. Праўда, апошняе на старонкі газет не трапіла, а толькі праскочыла на экранах тэлевізараў.

Першыя палосы суботніх нумароў “Звязды” і “Народнай газеты”, прысвечаныя сустрэчы Кардынала з беларускім прэзідэнтам, цалкам аднолькавыя. Гэтыя газеты не сталі займацца вынаходствам, а па-просту перадрукавалі паведамленне прэс-службы кіраўніка дзяржавы. Вылучыцца паспрабавала “Советская Белоруссия”. З пампезнасцю галоўная дзяржаўная газета перадала “архіважнасць” сустрэчы. Па яе меркаванні, дыялог адбыўся, “лёд крануўся”.

“З практычных пытанняў, якія былі вырашаныя, гэта, напрыклад, паскарэнне працэсу выдзялення надзелаў для будаўніцтва новых будынкаў нуніцыятуры і епархіяльнага ўпраўлення ў Мінску, а таксама касцёлаў. Уздымаліся таксама і іншыя пытанні. Суразмоўцы дакладна пачулі адзін аднаго. Дыялог адбыўся. Напрыканцы Аляксандр Лукашэнка перадаў запрашэнне Папу Рымскаму Бенедыкту XVI наведаць Беларусь”.

Не абмінула “СБ” сваёй увагай і архібіскупа Тадэвуша Кандрусевіча, але неяк яхідна.

“Аляксандр Лукашэнка прызнаўся, што вельмі шануе "добрыя асабістыя адносіны з кіраўніцтвам Рымска-каталіцкай царквы ў Беларусі". Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі архібіскуп Тадэвуш Кандрусевіч сядзеў па правай руцэ ад папскага дзяржсакратара і здаволена ўсміхаўся...”

Дзеля чаго ў Беларусь прыязджала другая асоба Ватыкана? Гэтым пытаннем задаліся недзяржаўныя выданні. “Наша ніва” ўзгадвае, што Тарчызiё Бэртонэ раней наведваў нашу краіну.

“Бертонэ наведваў Беларусь яшчэ ў 1997 годзе, але тады ён яшчэ не знаходзіўся на пасадзе Дзяржсакратара”.

Газета выказвае меркаванне, што візіт “намесніка Папы”, — гэта падрыхтоўка да прыезду самога панціфіка.

“Многія ад пачатку пачалі разглядаць візіт Бэртонэ як падрыхтоўку да дзяржаўнага візіту Папы як кіраўніка Ватыкана ў Беларусь. І яшчэ адно важнае пытанне, якое магло абмяркоўвацца: падпісанне Беларуссю канкардату з Ватыканам, які замацуе прававыя нормы адносін дзяржаў па самых розных пытаннях. Калі канкардат урэшце будзе падпісаны, то гэта відавочна ўмацуе пазіцыі Каталіцкага Касцёла ў Беларусі. З усіх постсавецкіх краін падобнае пагадненне з Ватыканам мае толькі Літва”.

А вось “Радыё Свабода” прыводзіць словы палітолага Аляксандра Класкоўскага, на думку якога падпісанне канкардату наадварот палепшыць магчымасці дзяржавы ўплываць на касцёл унутры краіны.

“Калі будзе падпісаны канкардат, гэта павышае магчымасці для ўплыву на касцёл унутры краіны, на адпаведны электарат. А па-другое, беларускае кіраўніцтва не выключае, што гэта дапаможа перакінуць нейкі масток у Еўропу”.

Эксперты “Радыё Свабоды” разышліся ў думках, ці зможа Папа прыехаць у Беларусь. Некаторыя сцвярджаюць, што гэта немагчыма з-за рэжыму Лукашэнкі і існавання палітвязняў, а вось Аляксандр Мілінкевіч прыгадвае, што “Папа Ян Павел II наведваў Кубу, дзе пануе не менш рэпрэсіўны рэжым, і гэта спрыяла паляпшэнню сітуацыі там”.

Дарэчы, яшчэ адзін цікавы момант. Да сустрэчы Тарчызiё Бэртонэ з Аляксандрам Лукашэнкам, дзяржаўная прэса, спасылаючыся на звесткі апошняга перапісу насельніцтва сцвярджала, што ў Беларусі 14 адсоткаў каталікоў. Суботняя “Советская Белоруссия” чамусьці прывяла дадзеныя сацапытання БДУ, згодна з якімі ў Беларусі ўжо толькі 10 адсоткаў каталікоў...