Патанулы легкавік заблакаваў паромную пераправу на Брэстчыне

Амаль палову суток не працуе паромная пераправа праз Дняпроўска-Бугскі канал у Кобрынскім раёне. Пераправу заблакаваў патанулы легкавік. Цяпер яго пры дапамозе спецтэхнікі з вады выцягваюць выратавальнікі.
Як паведамляе БЕЛТА, аўтамашына пад кіраваннем 34-гадовага жыхара Брэста затанула каля 2 гадзін ночы. Кіроўца і пасажыр не пацярпелі, яны паспелі вылезці з машыны. Першым дапамог ім паромшчык, які на шлюпцы даставіў мужчын на сушу.

Ужо вядома, што і кіроўца легкавіка, і яго пасажыр былі нецвярозымі. Пабываўшы ў сваякоў у суседняй вёсцы, мужчыны вырашылі пакатацца на пароме. Аднак спяшаліся так, што не заўважылі зачынены шлагбаўм і тое, што паром ужо адчаліў ад прыстані. У выніку на поўнай хуткасці машына ўляцела ў ваду.