Павел Севярынец выйшаў на волю

Павел Севярынец, сустаршыня аргкамітэту партыі “Беларуская хрысціянская дэмакратыя”, выйшаў на волю. Ён адбыў 15 сутак адміністрацыйнага арышту ў брэсцкім следчым ізалятары за правядзенне “несанкцыянаванага сходу”. Учора вечарам з’явілася інфармацыя, што Севярынца вывезлі з ізалятара ў невядомым кірунку. Сёння “Еўрарадыё” датэлефанавалася да Паўла Севярынца. Паводле яго словаў, учора каля 20-й гадзіны яго сапраўды вывезлі ў ізалятар у Паўночным гарадку.

Пры гэтым нічога не тлумачылі. “Тым самым яны хацелі сарваць сустрэчу, бо мяне чакалі мае сябры”, - кажа Севярынец. На волю яго выпусцілі а 4-й гадзіне раніцы. І каля дзесяці чалавек яго сустракалі – яны ўсё ж даведаліся, дзе маглі ўтрымліваць Паўла.

Раніцай у аўторак Севярынец ужо ехаў у Нясвіж на судовы працэс Насты Азаркі. Таксама ён плануе сёння наведаць і Салігорск, дзе судзяць Івана Шылу.