Пажар у Чарнобыльскай зоне не ўплывае на радыяцыйны фон у Беларусі
Пра гэта паведаміла галоўны сіноптык Рэспубліканскага гідраметэацэнтра.
У аўторак пажар у Чарнобыльскай зоне лакалізавалі да двух ачагоў агульнай плошчай у 5,5 гектараў, паведамляе Украінская дзяржаўная служба па надзвычайных сітуацыях.
У тушэнні агню задзейнічаныя 87 чалавек і 15 адзінак тэхнікі. Але надвор'е ў рэгіёне не спрыяе поўнай ліквідацыі ачагу. Сухі цыклон перашкаджае пажарным перамагчы стыхію.
Галоўны сіноптык Рэспубліканскага цэнтра па гідраметэаралогіі, кантролі радыеактыўнага забруджвання і маніторынгу навакольнага асяроддзя Святлана Рыбакова запэўнівае, што пажар у забруджанай зоне не ўплывае на нашу краіну
"Патокі ідуць не да нас. У нас, на тэрыторыі Беларусі, асабліва цяпер над Гомельскай вобласцю, вецер у асноўным паўночна-заходні, таму ўсё гэта павінна выносіць".
Нагадаем, 29 чэрвеня ў "Чарнобыльскай пушчы" ў зоне адчужэння здарыўся пажар. Ачаг знаходзіўся ў раёне пасёлкаў Каўшылаўка і Палескае каля ракі Уж. Там узнікла ўзгаранне сухой травы і чароту. Агонь дасягнуў плошчы 130 га.