Пілот самалёта, які разбіўся пад Мінскам, меў 28 гадоў стажу

Начальнік прэс-службы аэрапорта "Ўнукава" Алег Пусько распавёў Еўрарадыё пра экіпаж самалёта BAE-125-800, які разбіўся пад Мінскам, і падрабязнасці яго вылету.
Алег Пусько: "Вылет быў ў 21:06 па маскоўскім часе (20:06 МН). Адпаведна ў 22:35 (21:35 МН) паступіла інфармацыя, што ён знік з радараў у Беларусі.

Вядома, што лётчыкі былі вельмі дасведчаныя. У галоўнага пілота было 28 гадоў лётнага стажу. Экіпаж быў вельмі дасведчаны. Што тычыцца надвор'я, то тут (ва "Ўнукава" - Еўрарадыё) яны адпавядалі мінімуму экіпажа. То бок, не было ў іх ніякіх сумневаў на конт палёту. Самалёт — гэта "Hawker 800", гэта бізнес-авіяцыя. Я не эксперт у гэтых самалётах, але я ведаю, што яны вельмі актыўна эксплуатуюцца".


Па словах прэс-сакратара "Ўнукава" ўвесь экіпаж прайшоў перадпалётны кантроль.

Алег Пусько: "На конт экіпажу магу сказаць, што ўсё тут было абсалютна нармальна, абсалютна ва ўмовах бачнасці прайшоў вылет і экіпаж вельмі дасведчаны, ён прайшоў увесь перадпалётны кантроль, як гэта патрэбна. Усе неабходныя працэдуры былі выкананыя".