Пляцоўка для будаўніцтва АЭС будзе выбрана да канца 2008 года

Канчатковы выбар месца будаўніцтва АЭС у Беларусі будзе зроблены не пазней за канец 2008 года. Пра гэта заявіў Аляксандр Лукашэнка на ўчорашняй нарадзе, прысвечанай пытанням будаўніцтва атамнай станцыі.
Лукашэнку паведамілі вынікі даследаванняў па ўсіх трох патэнцыйных пляцоўках для будаўніцтва АЭС. Было адзначана, што матэрыялы гэтых даследаванняў атрымалі высокую адзнаку МАГАТЭ.

На ўсіх трох пляцоўках няма ніякіх фактараў, якія б перашкаджалі будаўніцтву, але існуюць некаторыя абмежаванні, якія канчаткова прааналізуюць падчас дадатковага даследавання. На гэта даецца яшчэ 3-4 месяцы.

БелаПАН нагадвае, што ў якасці месца размяшчэння АЭС разглядаюцца тры пляцоўкі: Кукшынаўская і Краснапалянская на Магілёўшчыне і Астравецкая на Гродзеншчыне.